СІНХРАТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
выпрамяненне эл.-магн. хваль зараджанымі часціцамі, якія рухаюцца ў аднародным магн. полі з рэлятывісцкімі скарасцямі. Абумоўлена паскарэннем, звязаным са скрыўленнем траекторыі часціц (гл. Лорэнца сіла). Назіраецца ў сінхратроне (адсюль назва).
Характарызуецца шырокім дыяпазонам частот; мае эліптычную палярызацыю (гл. Палярызацыя святла) і шырокі неперарыўны спектр (гл. Спектры аптычныя) з максімумам у яго доўгахвалевай частцы. Найб. істотна для лёгкіх часціц. Страты энергіі электронаў на С.в. ўлічваюцца пры канструяванні сінхратронаў. Выпрамяненне звышновых зорак, квазараў, пульсараў і радыёгалактык мае сінхратронную прыроду. Вывучэнне інтэнсіўнасці і палярызацыі касм. С.в. дазваляе атрымаць інфармацыю аб канцэнтрацыі і энергет. спектры рэлятывісцкіх электронаў, велічыні і напрамку магн. поля ў аддаленых абласцях Сусвету. С.в. выкарыстоўваюць таксама пры вывучэнні структуры цвёрдага цела.
І.С.Сацункевіч.
т. 14, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)